Панядзелак, 18.12.2017, 07:14 | Вітаю Вас Гость | Рэгістрацыя | Уваход
Галоўная » 2012 » Сакавік » 28 » "Кола часу" заехала ў сядзібны флігель
13:35
"Кола часу" заехала ў сядзібны флігель
Як паведамляе газэта "Зьвязда"

Там, дзе раней кухарылі, цяпер прапануюць адчуць водар гісторыі.

Лошыцкі сядзібна-паркавы ансамбль ужо запрашае на экскурсіі. Прынамсі, у флігелі, які месціцца ў Лошыцкім парку, адкрыты для наведвання выставачны праект "Кола часу" Музея гісторыі горада Мінска.

Экспазіцыя дае магчымасць дакрануцца да побыту жыхароў мінскіх ваколіц ХVІІІ — пачатку ХХ стагоддзяў. Прычым як у пераносным, так і ў прамым сэнсе. Прадметы гарадской і вясковай культуры можна разглядаць сёння як музейныя экспанаты, але яны даюць магчымасць паглыбіцца ў яшчэ не зусім далёкае ад нас жыццё: у старой шляхецкай брычцы можна сфатаграфавацца, паспрабаваць прасці нітку з воўны, папрактыкавацца ў працы каля печы. Дарэчы, у флігелі раней месцілася кухня. А каб было зручна гатаваць — і кладоўкі, дзе захоўвалі прыпасы. За ўсім пільна сачыў эканом паміж справамі ў сваім кабінеце, каб усё было пад наглядам. Бо тут жа, у флігелі, жыла і працавала чэлядзь. Можа, таму і арганічна ўпісаліся ў гэтае памяшканне вырабы з лазы, саломы, даўнія прылады для працы, прадметы ткацтва і нават вырабленыя нечымі рукамі ручнікі і палавікі. Бяры інструмент — працуй хоць зараз. Шмат старадаўніх інструментаў прадаставіў дызайнер Сяргей Шыла. Ён захоплены збіраннем прадметаў, якія сведчаць пра колішняе беларускае жыццё. Штосьці ў гэтым жыцці было для працы, штосьці — для баўлення часу. Хто добра працаваў — той павінен быў і адпачыць. Ілюструюць гэта адноўленыя ў будынку флігеля інтэр'еры кухні і спальні.

Гэты будынак флігеля паўстаў у 1895-м годзе для абслугоўвання патрэб гаспадароў Лошыцкай сядзібы Прушынскіх, якая з'яўляецца помнікам архітэктуры другой паловы XVІІІ — XІX стагоддзяў і знаходзіцца на рэканструкцыі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Праглядаў: 719 | Дадаў: DzedFyodar | Тэгі: Лошыца | Рэйтынг: 0.0/0

Падзяліцца:

Усяго каментароў: 0
Дадаваць каментары могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]