Субота, 20.04.2024, 08:37 | Вітаю Вас Гость | Рэгістрацыя | Уваход
Галоўная » 2012 » Чэрвень » 11 » Пасольства Швецыі ў Мінску займае будынак у гістарычным цэнтры сталіцы
13:51
Пасольства Швецыі ў Мінску займае будынак у гістарычным цэнтры сталіцы

Раней гэта вуліца называлася Койданаўскай. Яна была пракладзена ў канцы XVI стагоддзя і праз браму ў гарадскіх умацаваньнях злучала цэнтральную плошчу горада са шляхам, які вёў у бок мястэчка Койданава (сёньня – Дзяржынск). У XVII–XVIII стагоддзях гэта вуліца лічылася самай арыстакратычннай. На ей будавалі свае сядзібы менскія багацеі і прыгарадныя земляўласнікі. Там знаходзіўся драўляны кляштар бенедыктынцаў і адзін з першых у горадзе шпіталей.

З першай паловы XIX стагоддзя засялялася купцамі і заможнымі мяшчанамі. З 1872 года мінскія губернатары ездзілі па ёй з чыгуначнага вакзала да сваёй рэзідэнцыі, што месьцілася на Саборнай плошчы (сёньня – плошча Свабоды). 

У 1919 годзе Койданаўская вуліца была перайменаваная савецкімі ўладамі ў гонар Фердынанда Ласаля (1825–1864), нямецкага сацыяліста і філосафа. У час польскай акупацыі 1919-1920 гадоў ёй была вернута старая назва, а ў 1922 годзе Койданаўская па волі бальшавікоў атрымала назву Рэвалюцыйнай. 

У 1941–1944 гадах, у час нямецкай акупацыі, вуліца ператварылася ў Кірхенштрасэ, а беларусы паміж сабой называлі яе вуліцай Рагнеды. 

Таямніцы незвычайнай камяніцы на Рэвалюцыйнай, 15

Камяніца ўяўляе сабой твор архітэктуры пачатку XIX стагоддзя, што ўзводзіўся рукамі мясцовых рамеснікаў і стаў узорам іх будаўнічага майстэрства. Будынак ня быў падобным да іншых і да канца 1930-х гадоў захаваў сваю першапачатковую ўнутраную планіроўку і знешні выгляд. Пазьней адбыліся толькі нязначныя змены. 

Калі была ўзьведзена камяніца – дакладна невядома. Доўгі час на вуліцы, як і ва ўсім горадзе, панавала драўляная забудова. Пажары 1809 і 1812 гадоў істотна спустошылі яе. Таму невыпадкова будынак на месцы сучаснага быў зафіксаваны толькі на плане Менску 1833 года. Каменныя сьцены ўратавалі яго ад знішчальных пажараў 1835 і 1881 гадоў. 

У розныя часы ў гэтым будынку знаходзіліся: прыёмнік для беспрыкутных, Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), Беларуская акадэмія навук, следчы ізалятар Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС), аўтамабільная інспекцыя Менску, Менскае адраснае бюро, Менскае гарадское ўпраўленьне міліцыі, нацыянальны навукова-асьветны цэнтр імя Ф. Скарыны, згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і іншыя арганізацыі. 

З верасня 2005 года ў Менску працавала аддзяленьне пасольства Швецыі. У чэрвені 2008 года рашэньнем шведскага ўрада яно было ператворана ў самастойнае пасольства. Першым Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, які стала жыве і працуе ў Менску, стаў Стэфан Эрыксан. З пачатку 2012 года пасольства Швецыі займае будынак з незвычайнай гісторыяй па вуліцы Рэвалюцыйнай, 15.

Артыкул сайта: http://www.tio.by

Праглядаў: 1243 | Дадаў: DzedFyodar | Тэгі: амбасада | Рэйтынг: 0.0/0

Падзяліцца:

Усяго каментароў: 0
Дадаваць каментары могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]