Пятніца, 26.04.2024, 17:25 | Вітаю Вас Гость | Рэгістрацыя | Уваход
Галоўная » 2012 » Ліпень » 13 » Чортаў тузін
13:01
Чортаў тузін


Вы калі-небудзь заўважалі, што многія вуліцы ў цэнтры Менску ня маюць дамоў пад нумарам 13? І гэта зусім ня боязь «нешчаслівага» ліку, названая па-навуковаму трыскаідэкафобіяй - хутчэй, вынік не занадта шчаслівай ў архітэктурным плане лёсу горада. Напярэдадні трэцяй i апошняй у гэтым годзе пятніцы, 13-га мы вырашылі ўсё ж адшукаць і распавесьці аб трынаццаці самых цікавых, з нашага пункту гледжання, менскіх будынках № 13.

Самым старым з іх з'яўляецца дом на плошчы Свабоды, 13, збудаваны ў другой палове ХVIII стагоддзя як флігель менскага палаца падканцлера ВКЛ (што раўназначна сучаснай пасады віцэ-прэм'ера) Антонія Пшаздзецкага. Першапачаткова рэнесансны будынак меў Г-абразную форму і разам з гэткім жа сіметрычна размешчаным флігелем (які не захаваўся) ўтвараў парадны двор - курдонер - перад двухпавярховай галоўнай сядзібай. У пачатку ХIХ стагоддзя тут знаходзілася гарадская паштовая служба, а з 1870-х - праваслаўнае мужчынскае духоўнае вучылішча. Пасьля рэвалюцыі палацавы флігель занялі наркамат аховы здароўя і асьветы; пры апошнім у 1922-м быў утвораны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), пазьней рэарганізаваны ў Акадэмію навук БССР. У гэтых сьценах працавалі Янка Купала і Якуб Колас, Усевалад Ігнатоўскі і Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі і Дзмітрый Жылуновіч (Цішка Гартны) і яшчэ цэлае сузор'е дзеячаў нацыянальнай культуры.

Неўзабаве беларуская акадэмія разраслася і да 1939 года заняла яшчэ два будынкі непадалёк - на Рэвалюцыйнай, 13 і 15 (у 13-м доме ў пачатку мінулага стагоддзя знаходзілася прыватная хірургічная лякарня Шапіра, разлічаная ўсяго на 6 месцаў, а ў пачатку гэтага - Інфармацыйна-турысцкі цэнтр "Мінск"). У доме ж на Свабоды, 13 у гады вайны дзейнічаў нямецкі кінатэатр, дырэктарам якога па заданьні падпольля працаваў Мікалай Пахлябаеў. Гэта ён арганізаваў сустрэчу паміж Марыяй Восіпавай і Аленай Мазанік - выканаўцамі ліквідацыі гауляйтера Кубэ. Пасьля вызваленьня Менску кінатэатр ў будынку пакінулі - менавіта ў «Радзіме» менчукі ўпершыню ўбачылі такія стужкі, як «Два байцы» або каляровае фэнтэзі «Багдадскі злодзей» (яго падарыла Савецкаму Саюзу Вялікабрытанія ў знак удзячнасьці за ўклад у барацьбу з нацызмам). Крыху пазьней гэты сінематограф перапрафілявалі, даўшы новае імя - «Кінатэатр паўторнага фільма».

Праглядаў: 1753 | Дадаў: DzedFyodar | Рэйтынг: 0.0/0

Падзяліцца:

Усяго каментароў: 0
Дадаваць каментары могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]