Аўторак, 16.04.2024, 21:46 | Вітаю Вас Гость | Рэгістрацыя | Уваход
Галоўная » 2012 » Чэрвень » 29 » Мемарыяльную дошку ў гонар мастака Савіцкага адкрылі ў Менску
09:29
Мемарыяльную дошку ў гонар мастака Савіцкага адкрылі ў Менску
Мемарыяльную дошку ў гонар Героя Беларусі, народнага мастака СССР і Беларусі Міхаіла Андрэевіча Савіцкага ўрачыста адкрылі сёньня ў Менску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дошка створана скульптарам Валянцінам Занковічам за кошт гарадскога бюджэту на падставе рашэньня Мінгарвыканкама. Устаноўлена яна на доме па вуліцы Беламорскай, 17, дзе пражываў мастак.

"Яшчэ пры жыцьці Міхаіл Савіцкі прасіў, каб усё было зроблена сьціпла, без пампезнасьці. Нават без партрэта. Усе гэтыя пажаданьні я ўлічыў пры стварэньні дошкі", - сказаў скульптар. І, сапраўды, акрамя пераліку галоўных рэгалій мастака на мемарыяльнай дошцы намаляваны толькі пэндзлі і палітра.



Як адзначыў намесьнік старшыні грамадскага аб'яднаньня "Беларускі саюз мастакоў" Рыгор Сітніца, Міхаіл Савіцкі зрабіў для сваёй Радзімы і для нацыянальнага мастацтва вельмі шмат. "Сёньня беларусы і наша мастацкая супольнасьць павінны ганарыцца тым, што з намі быў і застаецца такі чалавек, як Міхаіл Савіцкі. Для многіх беларускіх мастакоў ён быў арыенцірам, на які варта раўняцца", - падкрэсьліў намеснік старшыні аб'яднаньня.

Дырэктар музэю гісторыі Менску Галіна Ладзісава адзначыла, што Міхаіл Савіцкі заўсёды марыў аб уласнай галярэі. У гэтым годзе, 8 траўня, у Менску была адкрыта першая чарга Мастацкай галярэі мастака, у якой сабраны раньнія творы. Як і хацеў у свой час майстар, галярэя размясьцілася ў будынку у Верхнім горадзе на плошчы Свабоды, 15 - у былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя, вядомай сваёй багатай гісторыяй. У хуткім часе, адзначыла дырэктар музэю, творы Міхаіла Савіцкага зоймуць яшчэ адзін будынак, прымыкаючы да ўжо дзеючай Мастацкай галярэі. Яго адкрыцьцё, паведаміла дырэктар музэю, заплянавана на 8 верасьня гэтага года. Тут будуць сабраны творы мастацтва, створаныя мастаком у сталым узросьце.

"Сімбалічна, што ўрачыстае адкрыцьцё другой чаргі галярэі адбудзецца менавіта ў гэтым годзе, бо для Міхаіла Савіцкага гэта быў бы юбілейны год, - адзначыла Галіна Ладзісава. - Думаю, гэта будзе адным з самых годных падарункаў у памяць аб вялікім мастаку".

Беларускі мастак, педагог, народны мастак Беларусі (1972), народны мастак СССР (1978), акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і БССР, Герой Беларусі (2006) Міхаіл Андрэевіч Савіцкі нарадзіўся ў 1922 годзе ў Звянячах Талачынскага раёна Віцебскай вобласьці. У Вялікую Айчынную вайну ўдзельнічаў у абароне Севастопаля, быў вязнем канцлягераў. Працаваў у галіне станковага і манументальнага жывапісу. Аўтар карцін "Партызанская мадонна", "Дзеці вайны", "Лічбы на сэрцы". Серыю карцін мастак прысьвяціў ахвярам чарнобыльскай катастрофы. Значнае месца ў яго творчасьці займаюць партрэты.

Творы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расеі, выставачным аб'яднаньні "Цэнтральны Дом мастака", Дзяржаўнай Трацьцякоўскай галярэі ў Маскве.

Міхаіл Савіцкі памёр у 2010 годзе, на 89-м годзе жыцьця, пасьля працяглай хваробы.

Праглядаў: 1569 | Дадаў: DzedFyodar | Рэйтынг: 0.0/0

Падзяліцца:

Усяго каментароў: 0
Дадаваць каментары могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]