Субота, 20.04.2024, 03:49 | Вітаю Вас Гость | Рэгістрацыя | Уваход
Галоўная » 2012 » Жнівень » 20 » Вядомаму сайту пра гісторыю Менска забаранілі выкарыстоўваць герб горада
09:08
Вядомаму сайту пра гісторыю Менска забаранілі выкарыстоўваць герб горада

Як паведамляе "Эўрарадыё", у пачатку ліпеня Ўладзімір Валожынскі, аўтар некалькіх кніг па гісторыі Менска і стваральнік сайта "Мінск стары і новы” (minsk-old-new.com), вырашыў зарэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік - каб легальна размяшчаць на сайце рэкламу. Падаў дакументы ў Мінгарвыканкам, сярод іншага вырашыў узгадніць, ці можа ён надалей у шапцы сайта карыстацца гербам Мінска. Сайт дзейнічае ўжо 9 гадоў, ніякіх пытаньняў раней не ўзнікала. Але нечакана гарвыканкам адмовіў.


Уладзімір Валожынскі: "Матывавалася іх адмова тым, што сайт мае неадназначную трактоўку па некаторых пытаньнях. То бок, ёсьць спрэчныя моманты. І ў сувязі з гэтым Мінгарвыканкам ня згодны на выкарыстаньне герба горада. У будучыні, пасьля выпраўленьня нейкіх там матэрыялаў (але незразумела, у якім кірунку іх трэба выпраўляць), да гэтага пытаньня, напісалі, можна будзе вярнуцца яшчэ раз”.

Адмову падпісаў намесьнік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка. Як высьветліла "Эўрарадыё", ліст з адмовай складалі ва ўпраўленьні ідэалогіі. Але там - як вады ў рот набралі: "Ня маем права каментаваць”. Доўгія пошукі выводзяць на аднаго з чыноўнікаў гарвыканкама, які ня мае непасрэднага дачыненьня да сітуацыі, але ведае яе сутнасьць.

Чыноўнік Мінгарвыканкама: "Тут звычайная сітуацыя, што чалавек размясьціў герб без дазволу. Заканадаўствам патрабуецца, каб ён звярнуўся да гарвыканкама, - і тады яму адпраўляецца ня проста ліст, як ён думае, а прымаецца рашэньне гарвыканкама аб дазволе на выкарыстаньне”. 


Гербу горада ня месца ў шапцы сайта пра гісторыю горада - вырашылі чыноўнікі

Што ж ня так на гэтым сайце, чым ён разгневаў чыноўнікаў? Напачатку нам пералічваюць нейкія другасныя прычыны.

Чыноўнік Мінгарвыканкама: "Хоць сайт і вядомы, але інфармацыя там, я б сказаў, вельмі спецыфічна падабраная. Нельга сказаць, што там інфармацыя поўнасьцю пра ўсю гісторыю горада Менска. Там ёсць шмат лакун. А нейкія тэмы, наадварот, выпячваюцца. Разумееце, калі дазваляецца афіцыйнае выкарыстаньне герба, павінна быць адпаведнасьць нейкім патрабаваньням. Павінны быць спасылкі на той жа сайт гарвыканкама. Даведачная інфармацыя там таксама вельмі-вельмі састарэла”.

Калі сайт па гісторыі горада, якая там павінна быць сучасная даведачная інфармацыя? На думку чыноўнікаў - тэлефоны бальніц і паліклінік. Але слова за слова - і, здаецца, мы намацваем сапраўдную прычыну адмовы ў выкарыстаньні герба.

Чыноўнік Мінгарвыканкама: "Там ёсць пэўныя гістарычныя тэмы… Гэта трэба ва ўпраўленьне культуры звяртацца, але яны каментаваць, канешне, ня будуць. Гэта тэмы, перш за ўсё, па гісторыі нямецкай акупацыі. Тут складана да гэтага адназначна падыйсьці”.

На пытанне, чаму пры такой пільнасьці ў выкарыстаньні герба магніцікі і сьцяжкі з яго выявай прадаюцца ў кожным газэтным шапіку, чыноўнік адказвае: "Адпаведныя фірмы атрымліваюць адпаведны дазвол на права выкарыстаньня адпаведнай сымболікі”.

Сайт "Мінск стары і новы” лічыцца ці ня самым аўтарытэтным сайтам па гісторыі горада. Таму аўтару Ўладзіміру Валожынскаму ў гэтай сітуацыі дужа крыўдна.

Уладзімір Валожынскі: "У нейкай ступені ёсьць такое. Бо за 9 гадоў працы над сайтам была ўкладзеная маса маіх сіл, намаганьняў - роўна як і тых людзей, якія мне дапамагалі. Ёсьць нейкая, можна лічыць, крыўда…”
 
Калі герб зьнік, карыстальнікі сталі пісаць усхваляваныя лісты і прапаноўваць выхады з сітуацыі.

Уладзімір Валожынскі: "Пісалі па электроннай пошце і на "Фэйсбуку", што яны здзіўленыя, чаму знікла з шапкі сайта выява герба горада. Некаторыя раілі, што можна пазбегнуць пытаньняў, калі зрабіць старую выяву герба: і герб будзе, і дазвол гарвыканкама ня трэба. Можа, з часам так і зраблю. А пакуль што я пакінуў васілёк, які ў пэўнай ступені сымбалізуе Беларусь”.


Вось такі васілёк прыйшоў на замену гербу горада-героя Менска

А што рабіць са "спрэчнымі” тэмамі кшталту нямецкай акупацыі? Валожынскі кажа, што нічога прыбіраць з сайта, каб дагадзіць выканкаму, ня будзе. 

Уладзімір Валожынскі: "Бо на сайце публікуюцца ня толькі мае як аўтара матэрыялы, але яшчэ і людзі прысылаюць свае артыкулы. У раздзеле "Публіцыстыка” даволі шмат матэрыялаў, аўтарам якіх з’яўляецца Алег Іванавіч Усачоў: пра перыяд акупацыі, пра Кубэ, пра выбух, пра Мазанік, пра лагеры ваеннапалонных у Масюкоўшчыне, у Пушкінскіх казармах. Ягоная інфармацыя часта носіць дыскусійны характар. Але гэта нармалёва, бо ў дыскусіях нараджаецца ісціна”.

Нагадаем, сайт "Мінск стары і новы” працуе ўжо 9 гадоў, за гэты час пасьпеў здабыць некалькі ўзнагарод, напрыклад, у 2008 годзе атрымаў Гран-пры Шостага конкурса беларускіх кантэнт-праектаў.
Праглядаў: 1475 | Дадаў: DzedFyodar | Тэгі: сайт | Рэйтынг: 0.0/0

Падзяліцца:

Усяго каментароў: 0
Дадаваць каментары могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]