Чацвер, 25.04.2024, 15:30 | Вітаю Вас Гость | Рэгістрацыя | Уваход
Галоўная » 2012 » Верасень » 6 » Запаведны Менск
11:29
Запаведны Менск


Зайдзіце за Палац Рэспублікі. Адсюль, з апошніх будынкаў вуліцы Інтэрнацыянальнай (раней гэты адрэзак насіў назву Валоцкай вуліцы), мы пачнем агляд. Чаму з канца? Таму што тут захаваліся вельмі старыя будынкі, яны маюць дачыненьне да мастацтва і літаратуры і ў Год кнігі заслугоўваюць самай пільнай увагі.

Дом № 31, які належаў першапачаткова менчанцы Ленской, быў пабудаваны ў канцы XVIII - пачатку XIX стагоддзя. Гаспадыня, мяркуючы па ўсім, была багатай, дом будавала з размахам. Ва ўсякім выпадку, калі ў 1904 годзе тут размясьцілася першая ў Менску публічная гарадская бібліятэка імя Пушкіна, месца ў ёй хапала і чытачам, і дзясяткам тысяч кніг. Кніжны фонд інтэнсіўна папаўняўся за кошт ахвяраваньняў. Прычым многія мецэнаты, відавочна, былі прыхільнікамі рэвалюцыйных ідэй. Інакш адкуль бы ў бібліятэку паступілі творы Маркса, Энгельса, Чарнышэўскага, Пляханава, Клары Цэткін? У дадатак да таго партыя эсэраў зладзіла ў будынку яшчэ і падпольную друкарню, выкрытую паліцыяй у 1907 годзе.

У 1909-м ганаровым чальцом бібліятэкі быў абраны Леў Талстой. Чытачамі яе сталі Багдановіч, Купала, Бядуля, Колас, Цётка. Пасьля рэвалюцыі бібліятэка атрымала статус народнай, пазьней стала абласной. Перад Вялікай Айчыннай вайной у ёй налічвалася 150 тысяч кніг. У 1971 годзе бібліятэка пераехала на вуліцу Гікалы.

Побач - дом № 33 - рэканструяваная і нядаўна адкрытая для наведваньняў сядзіба мастака Ваньковіча. Пабудаваная на рубяжы XVIII-XIX стагоддзяў з дрэва. Дом размяшчаўся ў глыбіні ўчастку, які быў аддзелены ад вуліцы агароджай і ўязной брамай. За ім мясьціліся гаспадарчыя пабудовы. Ад хаты да Сьвіслачы спускаўся яблычны сад, які дажыў да канца XIX стагоддзя. Валенцій Ваньковіч - аўтар партрэтаў Пушкіна і карціны «Міцкевіч на скале Аю-Даг». Самыя вядомыя палотны мастака - «Подзвіг маладога кіяўляніна пры аблозе Кіева ў 968 годзе» і «Напалеон каля вогнішча». Чым не нагода для размовы з дзецьмі аб вайне 1812 года?

І яшчэ адзін стары, пабудаваны ў 1797 годзе, дом на гэтым жа баку вуліцы - № 21. Першапачаткова ён меў два паверхі, у пачатку XX стагоддзя надбудаваны трэці. Над вуліцай - два невялікіх балькона з ажурнай агароджай. Фасад замацаваны выступаючымі часткамі сьцяны - кантрфорсамі. Але дом варты ўвагі ня толькі з-за ўзросту, але і таму, што ў ім жыў наш зямляк, ураджэнец фальварка Ўбель ў Чэрвеньскім раёне - выбітны кампазітар, заснавальнік польскай і беларускай оперы, дырыжор і педагог Станіслаў Манюшка (паглядзіце ў акенца рэстараннай веранды, на сьцяне дома - барэльефная мемарыяльная дошка). Сям'я Манюшкі пераехала ў Менск у 1830 годзе, Станіслаў вучыўся ў менскай гімназіі, якая размяшчалася побач - у базыльянскім манастыры. У гімназіі ён атрымаў першыя ўрокі кампазіцыі ад вядомага ў той час беларускага музыкі Стэфановіча. Свае першыя оперы і аперэты Станіслаў Манюшка паставіў у Менску. «Ідылія» («Сялянка»), якая лічыцца першай польскай і беларускай операй, была напісаная на лібрэта вядомага беларускага драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, лёс якога таксама звязаны з гэтым раёнам Менска: непадалёк, у манастыры бернардынак, за ўдзел у паўстаннi 1863 г. адбывала пакараньне дачка пісьменніка Каміла. Яшчэ адзін манастыр - дамініканскі - быў размешчаны на той жа вуліцы Валоцкай насупраць дома, дзе жыў Манюшка. Будынак быў заснаваны ў 1605 годзе Сафіяй Слуцкай і захоўваўся да сярэдзіны мінулага стагоддзя.

***
Вашы дзеці стаміліся ад багацьця інфармацыі? Тады ідзіце да Менскай ратушы, да губернатарскай калысцы. Хай яны пагладзяць бронзавага каня, пасядзяць у брычцы. А адтуль прамы шлях да жаданага «Макдоналдса». Экскурсію па запаведным Менску працягнем у наступны раз.

Паводле Алены Аўрынскай http://vminsk.by

Праглядаў: 1729 | Дадаў: DzedFyodar | Тэгі: экскурсія | Рэйтынг: 0.0/0

Падзяліцца:

Усяго каментароў: 0
Дадаваць каментары могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]