Чацвер, 25.04.2024, 14:20 | Вітаю Вас Гость | Рэгістрацыя | Уваход
Галоўная » 2012 » Чэрвень » 3 » Якія змены чакаюць Рэвалюцыйную і чаму яны затрымліваюцца
09:55
Якія змены чакаюць Рэвалюцыйную і чаму яны затрымліваюцца
Гэтая вуліца з'явілася ў Менску яшчэ ў XVI стагоддзі. Тады яна звалася Койданаўскай і злучала цэнтар горада з Койданаўскім трактам. Да канца XIX стагоддзя была адной з найбуйнейшых у Менску, на ёй у той час размяшчаліся гасьцініцы, прыватныя лякарні, мужчынскае духоўнае вучылішча, пазьней з'явілася гімназія.

Цяпер Рэвалюцыйная ўвайшла ў склад гістарычнага цэнтра беларускай сталіцы. Восем гадоў таму, калі з'явіўся адпаведны ўказ Прэзідэнта, старажытнае ядро Менску пачалі рэканструяваць. Працы йшлі паралельна ў розных частках цэнтра (Верхнім горадзе і прылеглым квартале, Ракаўскім перадмесьці). Траецкае перадмесьце было практычна цалкам рэканструявана і адрэстаўравана яшчэ раней. Самая маштабная праца будзе на Менскім замчышчы, на месцы якога будзе створаны гісторыка-археалагічны комплекс. Але гэты праект намечаны да рэалізацыі пасьля 2014 года. Пакуль жа ў бліжэйшыя гады трэба будзе завяршыць пераўтварэньні Верхняга горада і прылеглага да яго квартала. І калі ў Верхнім горадзе лёс практычна ўсіх будынкаў ужо вырашаны, то ў суседнім квартале менш за ўсё закранутай працэсам рэканструкцыі апынулася вуліца Рэвалюцыйная.

Сёньня на ёй прапісаны розныя ўстановы, музэй, кавярні. Засталіся і жылыя дамы - № 24 і 32. Менавіта вакол іх у апошнія месяцы стварылася напружаная сітуацыя. Жыхары адмаўляюцца ад адсяленьня, хаця рашэньне аб ім было прынята гарадскімі ўладамі. Судовыя пазовы не змянілі становішча - суд прызнаў высяленьне абгрунтаваным. Людзі працягваюць пісаць у розныя інстанцыі і прыцягваюць да праблемы ўвагу сродкаў масавай інфармацыі. Нежаданьне пакідаць кватэры ў самым сэрцы Менску зразумела. З іншага боку, па праекце дэталёвага планаваньня гістарычнага цэнтра, які быў зацверджаны яшчэ ў 2005 годзе, меркавалася, што на гэтай тэрыторыі жылая функцыя можа захавацца толькі ў выглядзе гасцініц або апарт-гатэля.

- Гэта зона развіцьця турызму, у першую чаргу замежнага, зона прадстаўніцкага ўзроўню, таму і функцыянальнае прызначэньне аб'ектаў, размешчаных тут, павінна быць адпаведным, - тлумачыць адзін з распрацоўшчыкаў карэктуры Генпляна развіцьця Менску да 2030 года, галоўны архітэктар праектаў УП "Мінскград" Аляксандр Акенцьеў.

Як удакладніў спецыяліст, звычайнае жыльлё на Рэвалюцыйнай пакідаць немагчыма, паколькі яно не адказвае ніякім сацыяльным стандартам i санiтарным нормам: няма двароў, а адпаведна і магчымасці арганізаваць дзіцячую ці гаспадарчую пляцоўку, няма нармальных пад'ездаў да уваходаў у дамы, не выконваецца шэраг іншых нарматываў. Таму жыльлё тут можа быць, умоўна кажучы, часовае, у выглядзе гатэля ці апартамэнтаў прадстаўніцкага ўзроўню. Да таго ж кошт зямлі ў гістарычным цэнтры занадта вялікі, каб пакідаць на ёй пасрэдныя жылыя дамы.

Згодна з канцэпцыяй развіцьця вуліцы Рэвалюцыйнай, папярэдне намечана арганізаваць ва ўжо адселеных дамах № 26 і 28 сувенірную краму, турыстычныя і інфармацыйныя цэнтры з прыладай ва ўнутраным дворыку сезонных выстаў мастацкіх вырабаў. Тут таксама можа з'явіцца медыцынскі цэнтар. На першым паверсе дома № 24 прапануецца адкрыць кавярню, а на верхніх - апарт-гатэль. Дом № 32 можа ператварыцца ў залю дзіцячай творчасьці. Хоць па больш раньняй версіі тут меркавалася размясьціць музэйную экспазіцыю.

- Пакуль аб канкрэтных аб'ектах казаць рана, бо частка дамоў яшчэ не абследаваная дасканала. А вырашаць лёс будынкаў можна, толькі маючы заключэньне спецыялістаў аб іх стане, - удакладняе галоўны інжынер КУП "Мінская спадчына" Міхаіл Жых.

Усяго 10 гадоў таму асноўная частка захаваўшайся забудовы гістарычнага ядра Менску выглядала далёка не прывабна. Сёньня цэнтар змяніўся, тут з'явіліся новыя аб'екты, сюды прыходзяць экскурсанты, ды і самі гараджане з задавальненьнем ўладкоўваюць фотасесіі на плошчы Свабоды або ў Траецкім перадмесьці.

Які лёс прыгатаваны дамам на Рэвалюцыйнай, спадзяемся, праясніцца ў найбліжэйшай будучыні. Галоўнае, каб будынкі захаваліся. А таму працы наперадзе яшчэ шмат.

2012/06/01, Вольга Жарына, «МК»

Праглядаў: 1255 | Дадаў: DzedFyodar | Рэйтынг: 0.0/0

Падзяліцца:

Усяго каментароў: 1
0  
1 DzedFyodar   (03.06.2012 09:59) [Матэрыял]
Нейкі сумны артыкул.
Такое адчуваньне, быццам у хуткім часе нікога не застанецца ў цэнтральнай часцы Менску, у сэнсе жыць ніхто не застанецца. І будзе такая "дзірка" пасярод горада.
Ужо сёньня мае госьці, калі гуляем у выходныя па цэнтру, пытаюцца: "А чаму так людзей мала, дзе яны?" Гэта канешне днём, я не кажу пра начныя "тусоўкі".
І вось гэта ўсё палохае, няма жыцьця ў цэнтра горада, усё ненатуральнае, а мы, менчукі, сядзім па хатах уздоўж кальцавой і радуемся.
Брыдота.....

Дадаваць каментары могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]